МАГНІ́ТНАЯ ДЭФЕКТАСКАПІ́Я,

адзін з метадаў дэфектаскапіі, заснаваны на рэгістрацыі магнітных палёў рассеяння на дэфектах або на выяўленні магн. уласцівасцей вырабаў, якія даследуюцца. Ажыццяўляецца з дапамогай магн. дэфектаскопаў, што ствараюць магн. палі вял. напружанасці і маюць прыстасаванні для размагнічвання вырабаў. Выкарыстоўваецца ў розных галінах прам-сці.

У зонах дэфектаў (трэшчын, немагн. уключэнняў і інш.) рэзка змяняюцца параметры магн. поля рассеяння, што фіксуецца рознымі метадамі: магнітна-парашковым (часцінкі магн. парашку або суспензіі асядаюць на краях дэфекту), магнітна-люмінесцэнтным (часцінкі парашку з люмінафорамі свецяцца пад уздзеяннем ультрафіялетавых прамянёў), феразондавым (магнітна адчувальнымі феразондамі вымяраюць слабыя магн. палі або іх градыенты), магнітаграфічным (прыкладзеная да вырабу магн. стужка намагнічваецца ў рознай ступені ў дэфектных і бездэфектных зонах).

М.А.Мяльгуй.

т. 9, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)